Вясёлка німбам яркім ззяе!

20.05.2022

20 мая 2022 года ў дзіцячым аддзеле Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі ў рамках XV Майскіх Віткаўскіх чытанняў прайшоў літаратурны квэст “Вясёлка німбам яркім ззяе!” з удзелам беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусь, лаўрэата прэміі часопіса “Вясёлка” імя Васіля Віткі Уладзіміра Ліпскага.
Рубрыка “Урокі “Вясёлкі” сустрэла гасцей матэматычнымі заданнямі. Дзеці знайшлі ключ на адной з паліц выставы “Ганаровая стужка “Вясёлкі”.
Рубрыка “Крышку пра кніжку” вітала ўдзельнікаў звесткамі пра новыя творы вядомых беларускіх пісьменнікаў, якія дапамагаюць вывучаць свой край, родную мову, гістарычную і духоўную спадчыну. Юныя случчане знайшлі ключ у кнізе Уладзіміра Ліпскага “Мая Беларусь”.
Рубрыка “Хвілінкі-весялінкі” прапанавала дзецям загадкі, задачкі, скорагаворкі. Дзеці адказалі на пытанне, знайшлі дыск з казкай В. Віткі “Вавёрчына гора” і здабылі ключ.
У рубрыцы “Дзіцячая творчасць” госці пазнаёміліся з выставай работ, якімі падзяліліся нашы маленькія чытачы. Дзеці ўспомнілі творы знакамітых беларускіх пісьменнікаў, нагадалі іх аўтараў. У часопісах і сярод малюнкаў адшукалі наступны ключ.
У рубрыцы “Тэатр Васі Вясёлкіна” лялечны тэатр “Батлейка” ДУА "Замосцкая сярэдняя школа" паказаў спектакль “Вожык і заяц”, які з задавальненнем паглядзелі госці.