Ваенны-ганаровая прафесія!

13.01.2022

Сёння, 13 студзеня, у рамках прафарыентацыйнай работы навучэнцы 9-11 класаў сустрэліся з выпускніком нашай школы, курсантам ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Ягорам Раўтовічам.

Размова са старшакласнікамі была лёгкай, змястоўнай і цікавай. Дзеці прагледзелі некалькі відэаролікаў, у якіх была выкладзена падрабязная інфармацыя аб факультэтах універсітэта і іх спецыялізацыі, умовах паступлення ў гэтую прэстыжную навучальную ўстанову. Ягор падрыхтаваў цікавую змястоўную прэзентацыю, падчас якой паказу, расказаў рабятам аб тым, што курсантам гарантуецца якасная адукацыя, пражыванне, збалансаванае харчаванне, забеспячэнне рэчамі, два водпускі, штомесячныя грашовыя выплаты.

Навучанне ва ўніверсітэце спрыяе фарміраванню патрыятычнага і грамадзянскага доўгу да выканання абавязкаў ваеннай службы, псіхічнай устойлівасці, самадысцыпліны, фізічнага ўдасканалення.

Навучэнцаў зацікавіла інфармацыя, прадстаўленая курсантам, і ў заключнай частцы мерапрыемства будучы афіцэр адказаў на іх шматлікія пытанні. Юнакоў і дзяўчат цікавіла літаральна ўсё: як рыхтавацца да паступлення, якія прахадныя балы на розныя факультэты, ці можна паступаць дзяўчатам, як праходзіць падрыхтоўка да Параду Перамогі, ці ёсць у навучальнай установе курсанты-замежнікі, якая велічыня грашовага забеспячэння і многае іншае. Атрымаўшы вычарпальныя адказы на свае пытанні, некаторыя навучэнцы сур'ёзна задумаліся аб выбары  прафесіі, якая дазваляе з упэўненасцю глядзець у будучыню - прафесіі ваеннага.